Уважаемые родители!
В данном разделе вы можете познакомиться с белорусскими сайтами,
которые смогут помочь в воспитании, развитии и обучении
детей.
1. "Вясёлка" - гэта цудоўны часопiс для дзяцей i iх бацькоў
http://www.veselka.by/
2. "Буся" - чытанка-маляванка для дашкольнікаў
http://www.veselka.by/?page_id=4543
4. Народныя казкі для дзетак ад ЮНІСЕФ
Праект «Народныя казкі для дзетак» — iнiцыятыва ЮНIСЕФ у Беларусі. Там вы знойдзеце многа цудоўных казак и гульняў для вашых дзетак на беларускай мове.
http://kazki.unicef.by/
Паважаныя бацькі!
Чытаем беларускія вершы, казкі, забаўлянкі, лічылкі
"Навагодняя песня" С.Сокалау-Воюш
Дзе пушчы і балоты,
Між елак і бяроз
На іртах па сумётах
Шыбуе Дзед Мароз.
Зіхцяцца, як карункі,
Сняжынкі ў барадзе,
А ў торбе – падарункі
Дзіцячай грамадзе.
I радасна на свяце,
I весела – да слёз! –
Калі у цёплай хаце
Гасцюе Дзед Мароз.
Максім Танк "Жук і слімак"
Пагожым летнім ранкам
На лузе за сялом
Сустрэўся жук аднойчы
З рагатым слімаком.
- Здарова! - жук вітае. -
Куды, браток, ідзеш
І з ракавіны хатку
Куды з сабой нясеш? -
Абцёр слімак пот з твару,
Гаворыць так жуку:
- Нямала перажыць мне
Прыйшлося на вяку.
То сцюжа, то марозы,
То навальніца, дождж,
То, часам, у дарозе
Захопіць змрок і ноч, -
Шукай тады начлегу
Пад нейкім пад кустом... -
Гутораць яны гэтак
І раптам чуюць гром.
Ударыў дождж краплісты.
І жук пабег шукаць
Дзе ў засені цяністай
Шырокага лістка.
Але на цэлым лузе
Няма страхі нідзе,
І мокры, ледзь жывы ён
Да слімака ідзе.
- Пусці, браток, пагрэцца,
Змок дужа на лугу,
Насіць за гэта хатку
Табе дапамагу.
У ракавіне шчыльнай
Вандроўнікі сядзяць.
Іх нават дождж краплісты
Не зможа ў ёй дастаць.
Але мінулі хмары,
І сонца ўстала зноў,
Жук хату слімакову
Пакінуў і пайшоў.
Забыўся пра нягоды
І не на ўме жуку,
Што абяцаў паднесці
Ён хату слімаку.
Зямля з блакiтнымi вачамi
Зямля з блакiтнымi вачамi -
Раздолле рэчак i лугоў!
Тут называюць Васiлькамi
На Беларусi хлапчукоў,
Звiняць крынiцы, як цымбалы,
Сцяжынкi свецяць у лясах.
Палі, узгоркi, перавалы -
Прасторны шлях, далёкi шлях!
Краiна славы партызанскай,
Краіна міру i даброт!
Ты - наша гордасць,
Наша казка,
Як сонца, шчодры твой народ.
Твае сыны,
Твае унукі,
Мы любiм гул тваiх бароў.
І рэкi цягнуцца, як рукi,
Да цёплых, верных рук сяброў.
Забаўлянкі і лічылкі
— Заяц-месяц,
Дзе ты быў?
— У лесе.
— Што рабіў?
— Лыкі драў.
— Куды клаў?
— Пад калоду.
— Выйдзі вон із карагоду!
Ішоў кот праз сто варот,
Дайшоў да канца,
Знайшоў кацяня,
Мяў!
Кацілася торба
З высокага горба,
А ў той торбе
Хлеб, пшаніца.
З кім жадаеш
Ты дзяліцца?
Кошку грамаце вучылі:
Не чытаць, не пісаць,
А за мышкамі скакаць.
"Вывучаем родную мову"
ВЕЛЬМІ ВАЖНА навучыць сённяшніх дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, а таксама бегла на ёй размаўляць. Яны мала чуюць родную мову ў шырокім ужытку, а таму маюць бедны слоўнікавы запас, іх маўленне знаходзіцца пад уплывам рускай мовы. Хоць наша ўстанова i з’яўляецца рускамоўнай, але мы шмат увагi ўдзяляем развiццю менавіта беларускага маўлення дзяцей.
Увесці рускамоўных дзяцей у атмасферу жывога беларускага слова, далучыць іх да багацця роднай мовы, адчуць яе прыгажосць, мелодыку, своеасаблівасць нам дазваляюць фальклорныя і лепшыя класічныя творы для маленькіх дзяцей: калыханкі, забаўлянкі, песенькі, казкі, вершы і інш. Гэта робіцца з мэтай развіцця першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і па меры магчымасці самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія забаўлянкі, песенькі, лічылкі і г.д.), што служыць фарміраванню ў іх пачуццёвай асновы руска-беларускага двухмоўя.
Фарміраванне гутарковага беларускага маўлення з дзецьмi мы вядзём па наступных напрамках:
развіццё маўлення ў працэсе штодзённых узаемаадносінаў выхавальніка з дзецьмі ў розных відах дзейнасці;
заняткi па развіццi беларускага маўлення;
самастойная маўленчая дзейнасць дзяцей.
Так, пры навучаннi дашкольнікаў малодшага ўзросту выхавальнiкi асаблiвую ўвагу ўдзяляюць рэпрадуктыўнаму беларускаму маўленню (завучванне і ўзнаўленне кароткіх паэтычных твораў), з дзецьмі сярэдняга ўзросту ажыццяўляюць навучанне прадуктыўнаму маўленню, г.зн. уменню будаваць самастойныя па змесце і форме выказванні на беларускай мове (расказванне па карціне, пра цацку або прадмет, з асабістага вопыту). У адпаведнасці з вучэбнай праграмай з дзецьмi сярэдняга i старэйшага ўзросту адзін раз на тыдні праводзім заняткі па развіцці беларускага маўлення, на якіх выхавальнікі актыўна выкарыстоўваюць дыдактычныя і народныя гульні, малыя формы фальклору, народныя казкі, апавяданні, вершы, загадкі і паданні, інсцэніруюць казкі, вершы і г.д.
Пачынаем размаўляць па-беларуску!
Ветлівасць
Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:
Дзякуем
Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!
Просім прабачэння
Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.
Радуемся
Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!
Жадаем
Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!
Імёны
Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней на Беларусі.